Як кола выратавала ад “нячыстай сілы”

Цікавая гісторыя, як дзед хадзіў да кума рамантаваць кола і што з ім па дарозе здарылася.

• • •

Ці многія з нас помняць гісторыю свайго роду — сваіх дзядоў і прадзедаў? Калі казаць шчыра, то мала хто.

Гады панавання савецкай улады выкарэнілі, здаецца, усё, што было магчыма. Але вось неяк прыйшлося нам сутыкнуцца з расказамі нашае баранавіцкай зямлячкі Алены Міхайловіч, якія дакументальна распавядаюць пра старонкі з жыцця яе бацькі, дзядулі і іх сем’яў.

Яна настолькі цікава зазірнула ў мінулае ды гэдак прыгожа ўсё апісала, што мы прапанавалі ёй падзяліцца некаторымі эпізодамі з нашымі чытачамі. Напісана ўсе на прыгожай беларускай мове з іскравымі народнымі словамі і выразамі.


Замест уступу

Так здараецца заўсёды: думаеш, што наперадзе яшчэ шмат часу і тое, што мяркуеш зрабіць, здаецца, зробіш калі-небудзь, але, агледзеўшыся, бачыш, што спазнілася. Не раз, калі я слухала аповяды майго таткі пра былое, пра сваіх родных, яго казкі, я меркавала, што калісьці ўсё гэта занатую. І вось ужо неўзабаве будзе пяць гадоў, як бацькі не стала. Але засталіся хата, вялізны сад, пасека, кветкі — ружы, якія яшчэ некалі ён пасадзіў, і самае галоўнае — яго ўспаміны, яго аповяды.

Адзін з бацькавых аповядаў — пра яго дзеда Вінцуся — асабліва запаў мне ў памяць. Гэта гісторыя, як дзед хадзіў да кума рамантаваць кола.

Аповяд першы

Як кола выратавала ад “нячыстай сілы”

Неяк напрадвесні дамовіўся Вінцусь з кумам, што той направіць яму сапсаванае кола. Чаго ж тут доўга вагацца — справа нехітрая, таму Вінцусь з вечара прыгатаваў кола, запасся барышом і з першым пеўнем прыладзіў кола за плечы ды й пайшоў у суседнюю вёску.

Праз некаторы час паказалася і кумава хата. Вінцусь пагрукаў у шыбу і даволі доўга чакаў, калі кум адчыніць дзверы… Нарэшце ён ўбачыў заспанага кума, які збянтэжана пазіраў на яго. Аказваецца, яшчэ была глыбокая ноч. Ці то Вінцусь прысніў, што пяе певень, ці то той певень загаласіў, з’ехаўшы з глузду, але не адпраўляць жа кума з колам назад дахаты.

Запалілі святло, адрамантавалі кола, выпілі барыш, і Вінцусь рушыў дадому. Цяпер ўжо сапраўды спявалі пеўні й пачынала крыху шарэць. Хто быў у тых мясцінах, а гэта непадалёку ад Чэрніхава, той ведае, што мясцовасць там гарыстая, неяк нават не зусім звычайная для нашых мясцін. Дык вось, нёс дзед гэтае кола і, вядома ж, стаміўся ад гэтага ўсяго начнога падарожжа, ды й сеў ён на пагорку — надумаў крыху адпачыць і перакурыць.

Паставіў перад сабою кола, дастаў з кішэні кісет, напхаў тытунём люльку й пачаў стукаць крэсівам…, але раптам нейкая незвычайная сіла моцна ляснула яму ў лоб. Ён нават не зразумеў, што гэта было, як страціў прытомнасць і, мабыць, пакаціўся з таго пагорка, бо ачухаўся дзед ужо ў лажбіне.

Ні кола, ні крэсіва, ні люлькі нідзе не было. Крэхчучы і паціраючы пабітую галаву, крочыў Вінцусь дахаты. А калі прыйшоў, то пабудзіў блізкіх ды й расказаў, як нейкая нячыстая сіла трэснула яго па галаве і пакаціла з гары.

…Неўзабаве ўжо й развіднелася. Дзед з роднымі пайшлі паглядзець, што ж там нарабілася, ды дзе дзелася кола. Уявіце сабе іхні жах, калі яны ўбачылі ў лагчыне вялізарнага воўка, задушанага колам. Відаць, ён падпільнаваў Вінцуся, і, калі той прысеў, кінуўся на яго, але трапіў паміж спіцамі кола і такім чынам пакаціўся ўніз…

Пасля гэтага здарэння доўга яшчэ суседзі суседзям пераказвалі гісторыю пра «нячыстую сілу», што такім дзіўным чынам адлупцавала дзядулю Вінцуся.

Алена Міхайловіч
Баранавічы, 2003

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *